СВІ́СЛАЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ Існавала ў 1916—18. Засн. ў 1916
(заняткі пачаліся 15.10.1916) у мяст. Свіслач Ваўкавыскага пав. Рыхтавала настаўнікаў для бел. пач. школ зах. Беларусі, акупіраванай войскамі Германіі. Паводле статуса ў семінарыю павінны былі прымацца асобы абодвух полаў і рознага веравызнання, якія скончылі 4 класы гімназіі або гар. ці вышэйшага пач. вучылішча (фактычна прымаліся і з меншым адукац. цэнзам). Навучанне вялося на бел. мове, тэрмін — 3—4 месяцы. Дазвалялася здаць курс навучання экстэрнам. Выкладаліся: бел. мова і л-ра, ням. мова, рэлігія, педагогіка, арыфметыка, асновы геаграфіі, гісторыя Беларусі, гімнастыка, спевы, маляванне, гігіена, садоўніцтва і агародніцтва, ручная праца. У 1917 у семінарыі чытаў лекцыі па гісторыі бел. л-ры праф. Брэслаўскага (Вроцлаўскага) ун-та Р.Абіхт, сярод выкладчыкаў Б.Пачопка (паводле лекцый у 1918 выдаў лацінкай у Вільні «Граматыку беларускай мовы»),
У семінарыі вучыліся А.Грыкоўскі, В.Мурашка (Маслоўская), У.Шалешка. Закрыта 15.11.1918.
У.В.Ляхоўскі.
т. 14, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)